Пачну з таго, што адметна для маёй асобы: псіхалогію я заўжды лічыла псеўданавукай. Магчыма, пасля гэтай фразы павінна было быць напісана: "А сёння мой погляд змяніўся"... Але гэта была б не я. Не можа змяніцца тое, што "напрацавана" гадамі (нават, дзесяцігоддямі).
Цікавыя факты: сярод маіх сяброў ёсць псіхолагі. Прычым нават вельмі добрыя.
Што змянілася сёння? Можа, не столькі змянілася, як праяснілася.
Псіхолагі таксама бываюць розныя. Ёсцьсярод іх падобныя на каляровыя шкельцы: блішчаць добра, здалёк іх відаць, прывабліваюць позірк. Але сэнс адзін: паблішчаць і ўсё. А ёсць тыя, хто падобны на дыяменты. Магчыма, неапрацаваныя яшчэ, ззянне не распаўсюджваецца на наваколле, але каштоўнасць вялікая.
Сёння мне выпала сустрэча менавіта з дыяментам. Бо каштоўнасць сустрэчы для мяне была неверагоднай. Я што, пачала верыць ў псіхалогію? Не, я адчула, што пісьменны чалавек можа задаваць правільныя пытанні. А пытанні часцей бываюць больш важныя, чым адказы. Я зразумела, што твае праблемы могуць адгукацца другім людзям, але для іх яны - нешта іншае. Ці наадварот, ты бачыш у праблемах іншых людзей сваё. І праз аповед, гутарку, пытанні, зварот да думак, мінулага, гісторыі ты знаходзіш адказы. Цікавай падалася праца з метафарычнымі картамі. Мне як скептыку назіраць за асацыяцыямі другіх было цікаўна. І разумець, што ты заўжды знойдзеш на карце сваю думку - таксама.
Група: Улада, Сяржук, Людміла, Яна, Вераніка. Кожны - вельмі разумны чалавек з асабістым поглядам на жыццё. Што я адзначыла: да псіхолагаў, пэўна, не звяртаюцца людзі са слабым інтэлектам. Ім непатрэбна, бо яны не думаюць. Ці, можа, гэта датычылася толькі гэтага псіхолага? Ці толькі гэтай групы? Дзякуй разумным людзям. За тое, што яны ёсць. За тое, што яны ўмеюць думаць і перажываць. За тое, што іх думкі і словы дапамагаюць адкрыць для сябе нешта новае.
Маё пытанне. Атрымала я канкрэтны адказ? Зразумела ж, не. Бо для адказа трэба шмат фактараў: час, пагружэнне, разуменне... Але атрымала інструмент, які паспрабую праверыць. А яшчэ атрымала шмат думак, якія зараз буду імкнуцца пераўтварыць ў інструменты.
Што яшчэ адзначыла: я вельмі шмат гавару. Ды і увогуле прыцягваю да сябе шмат увагі. Праўда, гэта не сакрэт для мяне. Я гэта ведаю. Але трэба вучыцца кантраляваць хаця б вочы. Бо яны ў мяне больш эмацыйныя, чым мозг :).
Перажываю, што перацягнула на сябе шмат часу ад іншых. Спадзяюся, што яны не пакрыўдзяцца на гэта.
Цяпер вынік (бо трэба навучыцца кантраляваць колькасць слоў): за ўсё, што адбылося са мной сёння ўвечары дзякуй Таццяне Палхоўскай. (Цікавы факт: змяніць 2 літары ў прозвішчы, атрымаю маё дзявочае).
Я веру ў тое, што правільна створаныя ўмовы могуць даць цудоўны вынік. І часта недастаткова моцы аднаго толькі сябе, трэба даць магчымасць, каб табе дапамаглі. І прыняць дапамогу, а не адмаўляцца ад яе.
Яшчэ раз за ўсё дзякуй. Ёсць яшчэ шмат слоў, але некаторыя нега выказаць па ўмовах сустрэчы. Некаторыя павінны "пераварыцца".
Дзякуй, "Кава з псіхолагам", дзякуй, Веранічка, за рэпост. Дзякуй усім прысутным за цікавую сустрэчу.
Света Іванюшына.
Комментариев нет:
Отправить комментарий