10 дзён конкурснага жыцця

10 дзён конкурснага жыцця


Лёс вызначыўся так, што на працягу 10 дзён (з 9 па 18 сакавіка) мне было наканавана стаць удзельнікам 2 этапу абласнога конкурсу "Настаўнік года". Але не толькі. 14 сакавіка мяне запрасілі на вочны адбор "Настаўніка для Беларусі". Таму гэты тыдзень быў напоўнены рознымі з'явамі, эмоцыямі і пачуццямі. Але пра ўсё па парадку.

9 сакавіка - першы дзено конкурса. Тэст на веданне педагогікі, псіхалогіі і ўласнага прадмету (для мяне - хутчэй методыкі пачатковага навучання, для іншых - алімпіядныя заданні па прадмеце).
Па эмоцыях гэта быў вельмі цікавы дзень: 
1) добразычлівыя адносіны арганізатараў, цікавыя тлумачэнні аргпытанняў;


2) сустрэча з людзьмі, якіх ведаю і з якімі цікава: Алена Волкава і Ганна Севярынец. Дзякуй за тое, што была магчымасць адчуць сябе больш упэўненай, бо вы былі побач. Ваш вопыт, прыемныя зносіны з вамі - гэта падарунак конкурса;
3) новыя знаёмствы. Адкрыла для себе цікавых людзей з намінацыі філалогіі, яркіх пачаткоўцаў;


4) тэст. Неспраўджаныя меркаванні (больш чакала пытанняў па Кодэксу, па безадзнакавай сістэме, па канцэпцыях вучэбных прадметаў), але дзякуй за тыя пытанні, якія былі, бо прыйшлося падключыць уласныя рэзервы. Прыемна, што не апусцілася зусім нізка ў сваіх вачах, але ёсць над чым працаваць. І гэта здорава! Бо калі няма пытанняў, гэта сумна. Бо не бацыш, над чым яшчэ працаваць, куды расці. А я ведаю, што я не дасканалая і расці ёсць куды.

10 сакавіка. Дзень  лёсавання. Гэта па эмоцыях самы напружаны дзень. Бо У 16:00 ты дазнаешся, які клас, які прадмет, якая тэма цябе чакае, а назаўтра табе ўжо праводзіць урок па гэтай тэме ў незнаёмым класе.

І вось лёс: 4 клас. Руская мова. 3 урок па тэме "Спражэнне дзеясловаў". Калегі, якім я патэлефанавала (мая каманда памочнікаў) былі шакаваныя тэмай, бо немагчыма ўлезці ў галаву настаўніку, які працуе ў незнаёмым класе, і даведацца, якім чынам ён працуе над тэмай. Дзякуй настаўніцы Бараўлянскай гімназіі Ганне Міхайлаўне за падрабязны расповед, за дапамогу ў плане аповеду пра вучняў.
Па дарозе дамоў я пачала ўлюбляцца ў тэму, бо калі не любіць - навошта ўвогуле рабіць што-небудзь.
У галаве намаляваліся карціны таго, як гэта будзе. Мая творчая школьная група! Я вас люблю! Вы сядзелі са мной да паловы восьмага ў школе, нягледзячы на ўласныя праблемы. Вы дапамаглі раскласці па палічках, раздрукаваць, намаляваць... Як добра, калі побач з табой надзейныя людзі! Святлана Аляксандраўна, Ганна Іванаўна і Марына Генадзеўна! Дзякуй вам!
Дзякуй маёй любай Святлане Локіс, якая ноччу вычытвала, што я там "нарабіла" і выказвала свае прапановы. Ябы былі вельмі слушныя.

11 сакавіка. Гэта быў сапраўды цяжкі дзень. Выпрабаванне на эмацыўную ўстойлівасць. Бараўлянская гімназія, вы малайцы! Гасціна, цёпла прынялі нас, удзельнікаў. Мне цяжка было дачакацца свайго трэцяга ўрока, я перажывала, як гэта ўсё адбудзецца. Але з-за аб'ектыўных прычын ўрок пачаўся толькі праз 5 хвілін пасля званка, і гэта для мяне было самым складаным выпрабаваннем, бо я не адчуваю час настолькі дасканала, каб у чужой школе з чужым класам дакладна ведаць, калі закончыць той ці іншы этап. Гэта была дэзарыентацыя, якая збіла з панталыку. Але дзякуй дзецям: яны станоўча рэагавалі на мае і свае памылкі, бо, як сказала адна дзяўчынка: "Памыляцца - гэта добра, бо ёсць магчымасць зразумець, ацаніць і навучыцца".
Шкада, што мала ўвагі ўдзяліла алгарытму "ить - не ить". Па якой прычыне? Не ведаю, нешта памутнілася пасля праверкі дамашняга задання, дзе былі дзеясловы 3 асобы множнага ліку... А ў мяне ў якасці падарунка былі падрыхтаваныя памяткі-візуалізацыі па гэтым спосабе вызначэння... І я па гэтым шляху і паплыла. Шкада, але гэта цікавы досвед і вельмі важны для мяне! Дзякуй членам журы: я не зайздрошчу іх працы. Нам трэба было толькі адзін урок даць і зрабіць адзін самааналіз, а ім: паглядзець і ацаніць 5 урокаў і 5 самааналізаў. Гэта ж неймаверна складаная праца! І дзякуй Наталлі Аляксееўне і Вераніцы Барысаўне за слушныя парады! Мне яны вельмі спатрэбіліся! Дзякуй астатнім за разуменне і добразычлівасць!

12-13 сакавіка - дні выпрабавання часам. Бо ў галаве рэфлексія, а трэба працаваць над майстар-класам для студэнтаў. Дзякуй сябрам і знаёмым за падтрымку, за слушныя парады. За рэфлексію.

14 сакавіка. Вочны адбор праекта "Настаўнік для Беларусі". Гэта быў вельмі цікавы дзень! Проста бомба, інакш не скажаш! Новыя знаёмствы: дзякуй ўдзельнікам адбору Ірыне, Таццяне, Владзіславу, Аксане за ваш досвед і за стасункі. Прабачце, калі не заўжды чула вас.
Дзякуй экспертам за заданні, за фідбэк (гэта было проста шыкоўна, не заўсёды чуеш такія важныя для сябе словы і высновы): Зміцер, Сяргей, Варвара, Алена - было прыемна вас зноў убачыць, Таццяна - было прыемна пазнаёміцца не толькі пад час тэлефоннай размовы, але і вочна, Кацярына - таксама прыемна пазнаёміцца і пагутарыць.
Мерапрыемствы адбору павінны застацца таямніцай, бо ўсе ўдзельнікі павінны быць у аднолькавых умовах. Але ёсць тыя моманты, якія былі прадугледжаны праграмай і агучаныя ў лісце ад арганізатараў, пра гэта я раскажу.
Адным з выпрабаванняў быў 7-хвілінны ўрок. Аказалася, што гэты іспыт ўсе разумеюць па-рознаму. 2 удзельніцы знялі свой школьны ўрок на відэа, адна - падрыхтавала аповед "як праходзіў урок" на 7 хвілін, мы з Уладзіславам правялі непасрэдна фрагменты ўрока. І вось тут я хачу падзяліцца. Я да апошняга дня была ўпэўнена, што паеду з урокам "Складаемае, складаемае, сума" у 1 класе, але пасля серады (11 сакавіка) вырашыла, што гэта мой шанец зрабіць работу над памылкамі. І вялікі дзякуй Наталлі Аляксееўне Сайкоўскай: работа над памылкамі атрымалася станоўчай. Мы зноў папрацавалі са спражэннем дзеясловаў. І дзякуй за фідбэк экспертам: ім не хапіла тлумачэння, навошта гэтыя веды ў жыцці. Вельмі слушны каментар, які дазволіў мне зрабіць высновы і перабудаваць пачатак. Дзякуй шмат-шмат-шмат разоў. Дзякуй Ўладзіславу, маладому настаўніку гісторыі і скрэтч-праграмавання і робататэхнікі з Клецкага раёна за магчымасць зноў папрацаваць з мікракантролерамі Мікрабіт!

Калі апускаюцца рукі, патрэбна перазагрузка. Яна атрымалася. І цяпер ўперад з новымі сіламі. У панядзелак лёсаванне, у аўторак - майстар-клас для студэнтаў. І, нават, калі я не праўду ў конкурсе ў наступны этап, гэтыя дзесяць дзён значна змянілі маё жыццё і маі погляды на працу! Дзякуй камандзе настаўнікаў, з якімі разам зараз выступаем на конкурсе ў намінацыі "пачатковыя класы", вы выдатныя! (Канашевич Алеся Васильевна, учитель начальных классов государственного учреждения образования «Средняя школа № 16 г. Борисова имени И. В. Борисюка»; Корсикова Светлана Васильевна, учитель начальных классов государственного учреждения образования «Средняя школа № 1 г. Старые Дороги имени Героя Советского Союза Ф. Ф. Куликова»; Лаврик Елена Николаевна, учитель начальных классов государственного учреждения образования «Марьиногорская гимназия» Пуховичского района; Панасюк Дина Николаевна, учитель начальных классов государственного учреждения образования «Средняя школа № 1 г. Несвижа»).

Комментариев нет:

Отправить комментарий